Асновай бейсболу зьяўляецца проціборства пітчара і бэтэра .
Бэтэр павінен вырашыць, ці трэба яму адбіваць пададзены пітчарам мяч або не. Мяч падаецца з вялікай хуткасьцю, і пітчар часта імкнецца замаскіраваць тып падачы і падаць мяч так, каб яго было вельмі складана адбіць, таму на прыняцьцё рашэньня адводзяцца дзелі сэкунды. Бэтэры вывучаюць звычкі пітчара, імкнучыся прадбачыць тып падачы, часьцяком гэта адзіны спосаб адбіць мяч, пададзены добрым пітчарам. Пітчары вывучаюць моцныя і слабыя бакі бэтэраў, імкнучыся падаць менавіта такія падачы, якія цяжка адбіць пэўнаму бэтэру.
Кожны выхад бэтэра да хаты складаецца з сэрыі падачаў. Кожную падачу пітчар кідае ў бок хаты, пры гэтым бэтэр павінен знаходзіцца адмысловай ў зоне для адбіцьця. Калі бэтэр махнуў бітай (біта перасекла пярэднюю лінію хаты) і не патрапіў па мячы, яму залічваецца страйк (анг. strike). Калі бэтэр не махнуў бітай, то суддзя, які стаіць ззаду ад кетчэра, вызначае, ці праляцеў мяч над хатай на вышыні ад каленаў да грудзёў бэтэра, у так званай зоне страйку, у гэтым выпадку таксама залічваецца страйк. У адваротным выпадку залічваецца бол (анг. ball).
Калі бэтэр патрапляе па мячы, але пры гэтым мяч вылятае за межы поля (фаўл лініі) або падае ў поле, але выкочваецца за яго межы паміж хатай і першай або трэцяй базамі, то залічваецца фаўл-бол (анг. foul ball) (пры гэтым усе гульцы нападу павінны вярнуцца на базы, дзе яны знаходзіліся да адбіцьця). Фаўл-бол таксама лічыцца страйкам, за выключэннем выпадку, калі на рахунку бэтэра ўжо ёсьць два страйкі, у гэтым выпадку лік болаў і страйкаў не зьмяняецца.
Калі бэтэр набірае тры страйкі — гэта завецца страйк-аўт — бэтэр выбывае з гульні. У выпадку чатырох болаў бэтэр аўтаматычна займае першую базу. Такая сітуацыя завецца ўок (анг. walk). Пры гэтым, калі на першай базе ўжо быў гулец, то гэты гулец перамяшчаецца на другую базу і гэтак далей. Бэтэр аўтаматычна займае першую базу таксама ў выпадку, калі падача патрапіла ў яго (hit by pitch). У выпадку, калі суддзя палічыць, што пітчар наўмысна падае ў бэтэра (звычайна пасьля некалькіх падач у яго запар), суддзя можа выдаліць пітчара.
