Бейсбольнае поле займае па плошчы прыблізна адзін гэктар (пляцоўка для юніёраў на адну траціну менш). Разьметка поля заснаваная на базах, якія акрэсліваюць квадрат або «інфілд» (унутранае поле) з асновай у хатняй базе (поруч якой разьмяшчаецца бэтэр дзеля адбіцьця кідкоў пітчара).

Квадрат мае травяное пакрыцьцё, за выключэньнем калідораў паміж базамі, адмысловага ўзвышэньня для пітчара (пітчарскай горкі) і невялікай зоны за хатняй базай для «кэтчэра» (гульца абароны, які прымае падачы пітчара).
Пітчарская горка разьмешчаная ў цэнтры квадрата і прыпаднятая на 45 см (для юніёрскіх спаборніцтваў на 25 см) над агульным узроўнем поля. На вяршыні горкі замацоўваецца пласьціна з адбеленай цьвёрдай гумы, якой пітчар павінен дакранацца нагой пры выкананьні кідку ў хату бэтэру.
Хатняя база або «хата» — гэта пяцікутнік з адбеленай гумы, толькі два яго бакі ўтвораць клін. Хата разьмяшчаецца такім чынам, каб клін паказваў на кетчэра. Вялікі бок прастакутніка скіраваны да пітчара. Першая, другая і трэцяя базы ўяўляюць сабой белыя квадраты з мяккага матар’ялу, абабітыя палатном і прымацаваныя да зямлі мэталічнымі калкамі.
Межамі гульнявога поля зьяўляюцца белыя лініі з молатага мелу, якія ідуць ад вяршыні кліну хаты да першай і трэцяй баз і далей да агароджы поля. Гэтыя лініі завуцца лініямі «фаўл», паколькі тэрыторыя па-за гэтымі лініямі таксама завецца «фаўл». Гульнявая жа тэрыторыя завецца «фэр». На канцах фаўл ліній знаходзяцца фаўл шчоглы, адносна якіх вызначаюць, ці знаходзіцца мяч на «фаўл» або «фэр» тэрыторыі.
На стадыёнах, прызначаных для спаборніцтваў сярод дарослых каманд, даўжыня ліній фаўл павінна быць ня менш 75 м, але можа перавышаць і 100 м (на пляцоўцы для юніёраў — ня менш 50 м). Адлегласьць да агароджы поля па цэнтры поля павінна быць больш чым па лініях фаўл.
Частка поля паміж квадратам і агароджай завецца «аўтфілдам» (далёкае поле), але квадрат і аўтфілд не адлучаюцца адмысловай разьметкай і рух паміж імі не абмежаваны для гульцоў абароны. Аўтфілд мае травяное пакрыцьцё.
Па абодва бокі ад хаты разьмешчаныя прастакутныя зоны для бэтэраў (для ляўшуноў і правуноў). За лініямі фаўл за пяць мэтраў да першай і трэцяй базаў знаходзяцца прастакутныя зоны для трэнераў каманды ў нападзе, у задачу якіх уваходзіць кіраўніцтва прасоўваньнем гульцоў нападу па базах. На адлегласці 12 м ад хаты каля зэдляў абедзьвюх камандаў разьмешчаныя круглыя зоны для размінкі наступнага бэтэра.
